Голас сэрца
Па шляху Кітай – Сібір – Масква
Гарэла сэрца, як Зьніч адвечны,
ў дакор пагрозам белае сьмерці,
сілай і вераю нечалавечай
гарэла сэрца! Л.Геніюш
І
Гэтым сьветам кіруюць
мудрыя законы быцьця:
цяпло атуляе сьцюжу,
сьвятло асьляпляе цемру.
Нават на воўчыя зубы
знойдуцца заячыя ногі.
А як ратавацца ад Зьвязу,
дзе ўсе – вязьні,
за сьцяной,
дзе пануюць вар’яцтва і
абсурд?
ІІ
Чэрствы кавалак хлеба –
Хрыстова Цела.
Віно з разынкаў
стала Хрыстовай Крывёю.
І несупынная малітва
да неба, укрыжаванага
кратамі.
Гэтага адабраць
перакулены сьвет
ня здолеў.
Бо гэта і была зброя.
ІІІ
Восеньскі вецер
гуляе гурбаю сухога
лісьця.
Раптам узьнімае ў паветра
адзін сухі лісток і
кідае мне пад ногі.
Чытаю гэты пажаўцелы
ад часу ліст!
“Я ўжо вольны птах.
Я абскубаны, пагрызены,
зьнявечаны птах-калека,
што застаўся звацца
Адважным”.
Алеся Бяленік (г.Горадня).
З любоўю і павагай да шаноўнай сям’і а. Андрэя Крата