Сібіу: некалькі акцэнтаў ІІІ Еўрапейскай Экуменічнай Асамблеі

З 4 па 9 верасьня 2007 году ў горадзе Сібіу (Германштадт) ў Румыніі адбылася ІІІ Еўрапейская Экуменічная Асамблея (ЕЭА). Яе дэвізам сталі словы: “Сьвятло Хрыста прасьвятляе ўсіх – надзея на абнаўленьне і еднасьць у Еўропе”. СМІ ўжо пасьпелі назваць гэтую сустрэчу “самай вялікай падзеяй у жыцьці Царквы 2007 году на нашым кантыненце”. Каля 2500 дэлегатаў з розных краінаў і канфесіяў прынялі ўдзел у гэтым хрысьціянскім форуме, сярод іх таксама прадстаўнікі Беларусі ды БГКЦ.
Еўрапейская сталіца культуры 2007
Цяжка ўявіць сабе лепшае месца для сустрэчы каталікоў двух абрадаў, праваслаўных ды пратэстантаў: румынскі горад Сібіу, што ў Трансільваніі, у гэтым годзе быў абвешчаны ЮНЭСКО культурнай сталіцай Еўропы. Некалькі месяцаў таму Румынія стала новым сябрам у Еўрапейскім Зьвязе. Да таго ж маляўнічая Трансільванія (Сяміграддзе) – гэта край, дзе сустракаюцца румынская, нямецкая і мадзярская культуры.

Пасьля сустрэчаў у пратэстанцкай Базылеі (Швайцарыя) у 1989 годзе і ў каталіцкім Грацы (Аўстрыя) у 1997-ым, для чарговай экуменічнай асамблеі быў абраны горад у краіне, дзе колькасна пераважаюць праваслаўныя. У самім Сібіу, што налічвае каля 170 тысячаў жыхароў, 92% жыхароў зьяўляюцца вызнаўцамі праваслаўя, вернікі супольнасьцяў католікаў лацінскага і візантыйскага абрадаў ды пратэстантаў складаюць каля 2 %.
Экуменічныя Асамблеі: Базылея – Грац – Сібіу
Сустрэча ў Сібіу стала ўжо трэцяй Еўрапейскай Экуменічнай Асамблеяй. Тэма і асноўныя асьпекты экуменічнай асамблеі ў Сібіу сканцэнтрпаваны ў сёлетнім дэвізе: “Сьвятло Хрыста прасьвятляе ўсіх – надзея на абнаўленьне і еднасьць у Еўропе”. Нагадаем, тэмай першага падобнага экуменічнага форуму ў Базылеі (1989) была: “Мір, справядлівасьць і абарона стварэньня”. Дыскусіі, разважаньні і малітва ІІ Еўрапейскай Экуменічнай Асамблеі, што праходзіла ў Грацы (1997), вынікалі з наступнай тэмы: “Паяднаньне – дар Бога і крыніца новага жыцьця”. Чакалася, што на гэтай Асамблеі ў Грацы сустрэнуцца Папа Ян Павел ІІ і Патрыярх Маскоўскі Аляксей ІІ. Аднак гэтая гістарычная сустрэча так і не адбылася – у апошні момант праваслаўны бок вырашыў адмовіцца ад магчымасьці такога дыялогу першаярархаў.

ІІІ Еўрапейская Экуменічная Асамблея адрозьніваецца ад папярэдніх тым, што яна была запланавана як духоўная пілігрымка і складалася з чатырох этапаў, тры з іх былі падрыхтоўчыя. Першы этап падрыхтоўкі да Еўрапейскай Экуменічнай Асамблеі ў Сібіу распачаўся сустрэчай дэлегатаў у Рыме, 24-27 студзеня 2006 году. Затым, на другім этапе, пачынаючы ад другога паўгоддзя 2006 году да першага паўгоддзя 2007-га, мелі месца экуменічныя спатканьні і канферэнцыі на ўзроўні паасобных краінаў і рэгіёнаў. Адна з такіх экуменічных канферэнцыяў прайшла 20 студзеня 2007 году ў Чырвоным касьцёле ў Менску. Беларускія грэка-католікі ўзялі чынны ўдзел у яе падрыхтоўцы і правядзеньні. Трэцім этапам падрыхтоўкі стала сустрэча 15-18 лютага 2007 году ў горадзе Вітэнберг-Лютэрштадт. Завяршылася гэтая духоўная пілігрымка прадстаўнічым форумам еўрапейскіх хрысьціянаў у Сібіу.
Акцэнты Асамблеі ў Сібіу
Асамблея ў Сібіу мела свае адметныя акцэнты. Адным з іх, безумоўна, стала сустрэча і больш блізкае знаёмства з праваслаўем, якое дамінуе ў Румыніі. Другі, ня менш важны акцэнт – гэта разважаньні і дыскусіі над рэалізацыяй Еўрапейскай Экуменічнай Хартыі. Яна ўяўляе сабой дакумент, у якім сфамуляваны супольныя для ўсіх хрысьціянаў пункты, што датычаць веравучэньня. Хартыя павінна дапамагчы больш плённаму супрацоўніцтву Цэркваў. Падпісана яна ў 2001 годзе Канферэнцыяй Еўрапейскіх Цэркваў (СЕС), у якую ўваходзіць 125 праваслаўных, пратэстанцкіх, англіканскіх і старакаталіцкіх Цэркваў, і Рада Біскупскіх Канферэнцыяў Еўропы (ССЕЕ). Уласна гэтыя дзьве інстытуцыі былі арганізатарамі ІІІ ЕЭА ў Сібіу.

Вышэй узгаданыя акцэнты мелі месца ў кантэксьце новага дакументу Кангрэгацыі навукі веры “Адказы на пытаньні, што датычаць некаторых асьпектаў навукі пра Царкву”. Гэты дакумент ня выклікаў энтузіязму ў хрысьціянаў-некатолікаў. Кардынал Вальтар Каспэр быў з імі салідарны: “Тое, што параніла вас, параніла і мяне”,– заявіў ён. Адначасова кардынал выказаў перакананьне, што дакумент ня меў намеру прычыніць боль ці каго-небудзь прынізіць.
Беларусь у Еўропе
Для паездкі ў румынскі Сібіу, які належыць цяпер да аб’яднанай Еўропы, і ўдзелу ў ІІІ Еўрапейскай Экуменічнай Асамблеі ў Беларусі першапачаткова была сфармавана міжканфесійная група з 7 асобаў. На жаль, у апошні момант ад паездкі адмовіліся праваслаўныя браты, яшчэ адзін прадстаўнік захварэў і ў выніку беларуская дэлегацыя зьменшылася да чатырох асобаў: два грэка-католікі (парах з Берасьця а. Ігар Кандрацьеў і а. Андрэй Буйніч з Менску) і два рыма-католікі (канцлер Віцебскай курыі кс. Кшыштаф Вітвіцкі і а. Ян Глінка з Дому манахаў-вэрбістаў у Баранавічах).

Аднак, як выявілася ўжо ў Сібіу, на Асамблею прыехала яшчэ і група праваслаўных беларусаў. Сярод гэтай групы была спн. Кацярына Пастухова, якая выступіла перад удзельнікамі з асабістым сьведчаньнем-разважаньнем на ўрывак з Евангельля ад сьвятога Лукі, што распавядае пра Перамяненьне Госпада нашага Ісуса Хрыста. “Перамяненьне не зьяўляецца індывідуальным актам. Хрыстос падымаецца на гару не адзін, але з вучнямі,– дзялілася сваімі разважаньнямі спн. Кацярына.– Перамяненьне адбываецца толькі тады, калі кожны з нас усьведамляе, што ён/яна – частка чагосьці большага… Перамяненьне – гэта вечная Еўхарыстыя, магчыма яна толькі тады, калі мы ёсьць разам”.

Ня могуць ня радаваць нас, беларусаў, словы зямлячкі, выказаныя на гэтым прадстаўнічым еўрапейскім экуменічным форуме. І хоць зерне было пасеяна на чужой румынскай глебе, хай блаславіць нас Госпад і дасьць у дар нам плён навяртаньня ды еднасьці на нашай роднай беларускай зямлі.
а. Андрэй Буйніч, г.Менск

Связаться с нами
Издатель: Греко-католическая парафия святых братьев-апостолов Петра и Андрея в г. Берасьци
Адрес редакции: вул.Чубара 63 +226604 г. Брест Беларусь Тел. / факс: (016) 54-16-59