Слова Апостальскага Візітатара БГКЦ на завяршэньне XIII штогадовай Пілігрымкі беларускіх грэка-католікаў

Полацак, 15 ліпеня 2007 г.

Дарагія браты і сёстры!
1. Вялікі дзякуй кожнаму з вас, хто сёньня прыйшоў сюды “разам праслаўляць Госпада”. Дзякуй тым з вас, хто ў мінулыя дні ахвярна прайшоў шлях ХІІІ Пілігрымкі беларускіх грэка-католікаў. Дзякуй пілігрымам з усіх парафіяў і супольнасьцяў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.

Шчыра дзякуем нашым братам рыма-католікам за іх удзел і за падтрымку гэтае Пілігрымкі. Асаблівы дзякуй пілігрымам з замежжа: з Украіны, Расеі, Польшчы, Латвіі. Дзякуй усім, хто далучыўся да нашага сьвяткаваньня толькі ўчора і сёньня.

Асабліва дзякуем нашым братам праваслаўным і пратэстантам за іх малітоўную салідарнасьць з намі.

Словы пашаны і шчырыя прывітаньні накіроўваем да высокіх прадстаўнікоў дзяржаўных, абласных і гарадзкіх уладаў. Але перш за ўсё падзякуем Госпаду, што мы можам сёньня быць разам, “разам на шляху веры ў сьвятле Евангельля”.

У нашай сумеснай малітве ўзгадваем мучаніцкі подзьвіг Полацкіх Пакутнікаў 1705 г., разам з подзьвігам шматлікіх хрысьціянаў, што на працягу стагоддзяў аддалі жыцьцё на Беларускай Зямлі за Хрыста і Ягонае Евангельле і так засьведчылі моц сваёй веры.

У гэтым годзе ў асаблівы спосаб у нашай малітве прысутнічаюць сьвятыя Патроны Еўропы – Кірыла і Мятод. Спаўняецца 100 гадоў ад І-га Веляградзкага ўнійнага кангрэсу, які меў месца ў 1907 годзе ў Веляградзе на Маравах па ініцыятыве мітрапаліта Львоўскага Андрэя Шаптыцкага і архібіскупа Аламоўцкага Антаніна Кірылы Стояна, на фоне адраджэньня традыцыі сьвятых Кірылы і Мятода. На пачатку ХХ стагоддзя, у кантэксьце Веляградзкіх кангрэсаў, кірыла-мятодаўская спадчына стала для многіх тэолагаў, каталіцкіх і праваслаўных, натхненьнем да пошуку шляхоў прымірэньня паміж Цэрквамі, асабліва славянскімі. Веляградзкімі кангрэсамі амаль ад самага пачатку цікавіліся беларускія тэолагі (сярод іх Фабіян Абрантовіч, Зыгмунт Лазінскі, Казімір Кулак, Антон Неманцэвіч, Андрэй Цікота). 80 гадоў таму (у 1927 г.) у V Веляградзкім кангрэсе актыўна ўдзельнічаў а. Андрэй Цікота з кляштару айцоў-марыянаў у Друі.

Унійныя ідэі Веляградзкіх кангрэсаў знайшлі тэалагічны і душпастырскі водгук у Львове і Пінску. Асаблівым ягоным працягам былі Пінскія ўнійныя канферэнцыі, што праходзілі ў 30-ыя гады мінулага стагоддзя пад патранатам Слугі Божага Біскупа Зыгмунта Лазінскага.

Х Юбілейны кангрэс, што праходзіў у Веляградзе 28 чэрвеня – 1 ліпеня гэтага году, выказаў хрысьціянам Беларусі асаблівую “экуменічную салідарнасьць і духовую падтрымку на шляху іх сумеснага сьведчаньня Евангельля”.

2. Вера, якая ў Евангельлі Ісуса Хрыста знаходзіць крыніцу сьвятла, заахвочвала вас у мінулыя дні Пілігрымкі памятаць, што мы “усе пакліканы да сьвятасьці” і ў персьпектыве гэтага біблійнага пакліканьня заахвочвае маліцца за моладзь Беларусі, за беларускія сем’і, за беларускае грамадзтва. Зразумела, што гэтую сумесную малітву за беларускае грамадзтва хочам працягваць і надалей.

Дазвольце, браты і сёстры, падзяліцца з вамі адной радаснай весткай. У мінулы чацьвер – 12 ліпеня, разам з каталіцкімі біскупамі Беларусі і разам з праваслаўным біскупам Магілёўскім Дастойным Уладыкам Сафроніем, я меў прывілей удзельнічаць у Магілёве ў адкрыцьці Міжнароднага хрысьціянскага фэстывалю “Магутны Божа”. У прысутнасьці высокіх прадстаўнікоў дзяржаўнай, абласной і гарадзкой адміністрацыі вялікая зала сьпявала: “Магутны Божа! Уладар сусьветаў […], павагу, сілу і веліч веры ў нашу праўду, у прышласьць – дай!”

Гэта вельмі каштоўны знак, што мы ўсё больш і больш усьведамляем, што павага і духовая сіла народу ёсьць плодам жывой веры.

“Вера – гэта сапраўды вельмі дарагі талент, вялікі дар Божы. Вера навучае чалавека, навошта ён жыве на сьвеце, паказвае чалавеку дарогу, якая вядзе да Бога, да вечнага шчасьця”,– пісаў у 1934 г. Экзарх Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы Антон Неманцэвіч, які аддаў жыцьцё за веру ў Хрыста і за Царкву ў нацысцкай турме ў Менску, у 1943 г.

Але сапраўдная, дзейсная вера – гэта дар, які Госпад дае тым, хто шчыра каецца ў сваіх грахах. Няма ніякага сумневу, што мы – беларускае грамадзтва – патрабуем пакаяньня, што ў Беларусі маем яшчэ вялікі “вакуум бязьвер’я”, маем “вялікі дэфіцыт маральных і сумленных людзей, якія вераць у Бога”.

“Дзе вера – там і моц”,– навучае нас сьв. Ян Залатавусны. Моцную, квітнеючую Беларусь магчыма пабудаваць толькі на фундаменце веры ў Бога. І гэта заданьне для вернікаў усіх хрысьціянскіх Цэркваў у Беларусі. Трэба толькі, каб мы адважна і мужна ішлі “разам на шляху веры ў сьвятле Евангельля”. Хай Госпад блаславіць усе нашыя сумесныя ініцыятывы.

3. Дарагія браты і сёстры!

Сёньня Госпад зьбірае нас разам у старажытным беларускім горадзе Полацку. Так шчасьліва атрымліваецца, што ў гэтыя дні спаўняецца 490 гадоў ад моманту, калі вялікі беларускі першадрукар Францішак Скарына, родам з Полацку, пачаў выдаваць у Празе Біблію ў старабеларускім перакладзе. Гэтыя ўгодкі – вельмі добрая нагода паглыбіць у сэрцах усіх нас любоў да Слова Божага.

У гэтай сьвяточнай грамадзе тут, у Полацку, хочам сёньня ўзгадаць і зьвярнуць асаблівую ўвагу на словы Францішка Скарыны, якія ён зьмясьціў у Прадмове да свайго выданьня Бібліі:
“Шануйма ж як належыць сьвятое Евангельле, а шануючы – насьледуйма справы нашага Збаўцы Ісуса Хрыста! І гэтак з дапамогаю Яго ўвойдзем у жыцьцё вечнае”. (Ф.Скарына, Прадмова да Бібліі).

490 гадоў таму Госпад-Чалавекалюбец даў нам Біблію ў перакладзе на нашую родную мову. Ужо, сапраўды, пара, каб мы самі, нашыя блізкія і сябры, хацелі чытаць Слова Божае на нашай роднай беларускай мове. Гэта таксама шырокае поле да сумеснага дзеяньня ўсіх хрысьціянскіх Цэркваў у Беларусі. Молімся шчыра, каб Бог, які ёсьць любоў, уліў у нашыя сэрцы і ў сэрцы нашых суайчыньнікаў любоў да роднай беларускай мовы і роднай духоўнай культуры. Штодзённае чытаньне Слова Божага на роднай мове няхай будзе першым крокам на шляху нашага хрысьціянскага сьведчаньня.

4. Дарагія браты і сёстры! Паважаныя сябры!

Некалькі дзён таму – 7 ліпеня – мінула 125 гадоў ад нараджэньня вялікага беларускага хрысьціянскага паэта, вешчуна духовага адраджэньня беларускага народу – Янкі Купалы. У рамках нашага сёньняшняга сьвята, падчас Боскай Еўхарыстычнай Літургіі, у якой праслаўляем Перамогу Ўваскрослага Хрыста, дазвольце працытаваць некалькі сказаў з унікальнага ў сусьветнай літаратуры твору, прарочага верша-малітвы Янкі Купалы “Хрыстос васкрос” (з 1911 г.):

Хрыстос васкрос!
Усюды радасьць,
Усё глядзіць сьмялей, сьвятлей:
Вялікі Мучальнік, здаецца,
Абняў усіх ласкаю сваей.

Сапраўды, Уваскрослы Хрыстос абдымае ўсіх нас, нашую Бацькаўшчыну, “ласкаю сваёй”. Дачытайце, калі ласка, дарагія браты і сёстры, увесь гэты духовы верш да канца і будзьце мужнымі сьведкамі Перамогі Ўваскрослага Хрыста.

Гэты дар мужнасьці і міру, які прыносіць Уваскрослы Хрыстос, асабліва патрэбны ўсім нам у гэты час, калі ўспамінаем 70-ыя ўгодкі жахлівых сталінскіх рэпрэсій, ахвярамі якіх стала больш за 2 мільёны жыхароў Беларусі. Разам з хрысьціянамі іншых канфесій узгадваем гэтыя ахвяры перад Уваскрослым Госпадам і хочам маліцца аб дары вечнага супакою для іх душаў, а для нас усіх – аб ласцы быць мужнымі сьведкамі Ўваскрослага Хрыста ў Беларусі 2007 году. Амін.

Слава Ісусу Хрысту!

Полацак, 15 ліпеня 2007 г.

+ Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек),
Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі

Связаться с нами
Издатель: Греко-католическая парафия святых братьев-апостолов Петра и Андрея в г. Берасьци
Адрес редакции: вул.Чубара 63 +226604 г. Брест Беларусь Тел. / факс: (016) 54-16-59