Гудагай. Мiласэрны позiрк Марыi
Ёсьць недалёка ад Астраўца, што каля летувіскай мяжы, невялiкае мястэчка Гудагай. Ад iншых беларускіх мястэчак яно адрозьнiваецца тым, што тут ужо не адно стагоддзе адбываюцца цуды, цуды якiя зьвязаны з абразом Мацi Божай Шкаплернай.
Невялiчкi цудатворны абраз –- яго вышыня 31,2 см i даўжыня 27,7 см – зьяўляецца копіяй з вядомай iконы Мацi Божай Уладзiмiрскай i належыць да iканграфiчнага тыпу Элеуса –- Замiлаваньне. Iконы гэтага тыпу выяўляюць любоў, якая яднае Мацi з Сынам. Касьцёлам Адведзінаў Найсьвяцейшай Панны Марыі, дзе месьціцца гэтая сьвятыня, як і парафіяй, апякуюцца айцы кармяліты босыя.
Сёлета, 14-15 лiпеня 2007 году, адбылася ўрачыстасьць каранацыi гэтай, слаўнай сваімі цудамі iконы Багародзіцы. Па запрашэньні манахаў-кармялітаў на гэтай радаснай урачыстасьці ў Гудагаі як прадстаўнікі каталіцкай супольнасьці візантыйскага абраду прысутнiчалi i мы, амаль тры дзясяткі грэка-католiкаў: з парафii сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў г.Берасьці на чале з парахам а. Ігарам Кандрацьевым, а таксама вернікі з Бярозы, Івацэвічаў, Пінску і а. Андрэй Крот з Горадні.
Да касьцёлу, дзе мела праходзіць урачыстасьць каранацыі, мы прыехалi 14 ліпеня ўвечары, каля дзясятай гадзiны. Ён быў напоўнены яшчэ напалову. Але па дарозе мы абагналi шматлікіх пiлiгрымаў, якiя ішлі з навакольных вёсак, i літаральна праз хвiлiнаў пяць яны ўжо запоўнiлi ўвесь касьцёл.
Да набажэнства яшчэ было трошкі часу, і я пачаў аглядаць сьвятыню, якую бачыў упершыню. Невялiкi драўляны касьцёл, дзе месьціцца цудатворная ікона Маці Божай, не вызначаецца складанымi архiтэктурнымi формамi, але было тут нешта такое, што грэла маю душу, нейкае незямное пачуцьцё таго, што ты апынуўся дома. У сьвятыні я ўбачыў тры алтары: галоўны алтар – Адведзiнаў Мацi Божай Гудагайскай, упрыгожаны драўлянай скульптурай, і яшчэ два па баках – алтар сьвятога Казiмiра i алтар Сэрца Ісуса, каля якога сьцiпла i разьмясьцілася наша група грэка-католiкаў. Праз некалькi хвiлiнаў айцец Iгар Кандрацьеў, наш душпастыр з Берасьця, выйшаў i расказаў прыстуным пра грэка-католiкаў i пра традыцыю нашай Усходняй Царквы. Таксама ён сказаў, што мы хочам далучыцца да гэтага ўшанаваньня Багародзіцы праз сьпяваньне акафiсту Божай Мацi. Наш хор засьпяваў, у храме стала цiха, людзi пачалi разам з намі ўзносiць малiтвы да Найсьвяцейшай Дзевы Марыi.
Акафiст мы адсьпявалi вельмі добра і ўзьнёсла, сэрца маё пачало малiцца. У гэтым малітоўным настроі я разважаў і гаварыў да Бога i Мацi Марыi пад цудоўныя сьпевы вячэрняй малітвы братоў-кармялiтаў, якія апякуюцца сьвятыняй у Гудагаі, пад псальмы Давiдавы, што ліліся з вуснаў сясьцёр-кармялiтак. Усе сьпевы (на лаціне і па-беларуску) былi вельмi прыгожыя, але ня гэта было галоўнае. У той момант адчувалася як Марыя глядзiць на нас сваiмi сьвятымi вачыма, i ад гэтага сэрца напаўнялася радасьцю, пяшчотай i ласкай Божай.
Начное чуваньне ў касьцёле працягвалася, чакалі Генерала ордэну кармялiтаў з Рыму, які затрымлiваўся, але, дзякуючы гэтаму ў кожнага была магчымасьць паспавядацца. Сьвятары, якiя спавядалi, разьмясьціліся вакол касьцёлу, а ў людзей была магчымасьць паразмаўляць, прывiтацца са знаёмымi, парадавацца сьвяту. На вулiцу апусьцiлася ноч, было цёмна, але ў вачах тых людзей гарэла сьвятло, у сэрцах была радасьць. Ужо хацелася спаць, хтосьцi проста стамiўся, але ўсе мы стаялi тут, каб ушанаваць Багародзіцу Марыю, i Маці Божая была сярод нас, яна ўмацоўвала нас. Праз некаторы час прыехаў Генерал ордэну кармялiтаў, пачалася працэсiя, і з касьцёлу вынесьлi цудатворны абраз Мацi Божай Гудагайскай. Спачатку прайшлi служкi, потым сьвятары, за якімі несьлi абраз Мацi Божай, а адразу за iм iшоў Генерал кармялітаў. Мне пашанцавала трапіць у першыя шэрагі вернiкаў, амаль што за айцом-генералам.
Цудатворную ікону несьлi, як каўчэг у Ветхiм запавеце, па шэсьць служак, якiя ўвесь час зьмянялiся. Людзкі хор злучыў галасы вернікаў у адзінай малiтве да Дзевы Марыi. Велічнай працэсіяй, што расьцягнулася амаль на кіламетр, са сьвечкамі і паходнямі, якія прыгожа й таямніча зьзялі ў цемры ночы, мы павольна абышлi вакол храму й могілак, а потым падышлi да ўпрыгожанага алтара, што быў зроблены на вулiцы. Генерал айцоў кармялітаў узначалiў сьв. Імшу. Скончылася багаслужба, і нас гасьцінна прынялi на начлег вернiкi з Астраўца.
На наступны дзень была ўрачыстасьць каранацыі іконы Маці Божай Гудагайскай. Перад сьв. Імшой для пілігрымаў, якіх было каля дзесяці тысячаў, амаль гадзіну сьпяваў наш грэка-каталіцкі хор вернікаў. Пілігрымы пачулі глыбокія і пяшчотныя песьні містыкаў Кармелю – сьв. Яна ад Крыжа, сьв. Тэрэзы Авільскай і сьв. Тэрэзы з Лізье. Асабліва крануў многіх вернікаў лацінскага абраду Акафіст Найсьвяцейшай Багародзіцы.
Пачалася ўрачыстая сьв. Імша, у якой бралі ўдзел амаль усе ярархі Рыма-Каталіцкай Царквы ў Беларусі, было шмат прадстаўнікоў мясцовых уладаў, а народу было так многа, што я амаль нiчога ня бачыў, і таму ўважліва лавіў кожнае слова.
Сьвятую Iмшу ўзначальваў кардынал Казiмiр Сьвёнтак. Менавiта ён і каранаваў слаўную сваімі цудамі iкону Мацi Божай Гудагайскай. Дарэчы, залатыя кароны для цудатворнага абраза асьвяціў яшчэ Слуга Божы Ян Павел II. Вельмi зьдзiвiла і ўразіла мяне шчырае і пранікнёнае слова архібiскупа Тадэвуша Кандрусевіча з Масквы, якi меў казаньне падчас каранацыі.
Гаварыў ён па-беларуску, а таксама па-польску, па-летувіску і па-iталійску. Гэта было слова, якое ішло сапраўды ад сэрца. Архібіскуп дзякаваў Багародзіцы Марыі, бо ўласна тут, ля яе цудатворнай іконы ў Гудагаі, ён прымаў самыя важныя рашэньні ў сваім жыцьці. У яго казаньні таксама закраналіся праблемы чалавека і веры ў сучасным сьвеце, пра якія ён гаварыў часам востра, без прыгладжваньняў, часам з болем, а часам і з гумарам. Адчувалася, што Ўладыка шчыра перажыве за моладзь, за яе будучыню. З пяшчотай ён гаварыў пра неабходнасьць бараніць жыцьцё, якое дае нам Бог і якое ня можа адымаць чалавек. Я вельмi ўдзячны Богу за гэтага чалавека i за яго мудрае пастырскае слова да нас, вернікаў.
Напрыканцы набажэнства было прачытана Пасланьне Апостальскага нунцыя архібіскупа Марціна Відавіча, у якім ён згадаў пiлiгрымку грэка-католiкаў, якiя якраз у гэты час ішлi з Вiцебску ў Полацак. Я вельмi хацеў пайсьцi і ў гэтую пiлiгрымку, але так атрымалася, што паехаў на каранацыю ў Гудагай. Мне было вельмi прыемна чуць словы Апостальскага нунцыя, які заклікаў духоўна зьяднацца ўсіх прысутных на каранацыі ў Гудагаі з пілігрымамі, што крочылі з Віцебску ў Полацак.
Пасьля заканчэньня iмшы разам з нашым душпастырам айцом Iгарам Кандрацьевым мы вырашылі падзякаваць архібiскупу Тадэвушу Кандрусевічу за ягонае слова. Гасьцінныя гаспадары сьвята запрасілі нас на смачны абед, а на разьвітаньне пробашч парафіі ў Гудагаі і айцы-кармяліты сардэчна падзякавалі грэка-католікам за прысутнасьць на ўрачыстасьці каранацыі іконы Маці Божай, за тое, што актыўна ўдзельнiчалi ў гэтым сьвяце і ўпрыгожылі яго сваімі сьпевамі і малітвай Акафісту Найсьвяцейшай Багародзіцы.
Прайшла ўрачыстасьць, сьвята скончылася i цяпер я зноў у Берасьцi, гляджу на абраз Мацi Божай Шкаплернай з Гудагая… Радасьць i адчуваньне сапраўднага сьвята –- усё гэта засталося i жыве ў маiм сэрцы ды напаўняе яго Божай любоўю. Калi я гляджу на гэтую ікону — узгадваю хвіліны незямнога шчасьця і Божай прысутнасьці, i на душы становiцца лёгка i радасна. Я дзякую Богу за тое сьвята ў Гудагаі, якое падаравала нам Маці Божая, i спадзяюся на тое, што падзялiўся i з вамi гэтай радасьцю.
Аляксандр Красоўскі г.Берасьце