Новыя сьвятары БГКЦ
28 жніўня 2007 году Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква атрымала яшчэ двух новых сьвятароў.
На Ўкраіне, у дзень сьвята Ўсьпеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы паводле юльянскага календара, у Сьвята-Ўсьпенскай Лаўры манахаў-студытаў, што ў Уніве, біскуп-эмерыт з Івана-Франкоўску Сафрон Мудры, OSBM, высьвяціў на сьвятара Алеся Шыбеку з Воршы, а таксама ўдзяліў дыяканскія сьвячаньні Васілю Ягораву з Магілёва.
На гэтай радаснай для нашай Царквы падзеі прысутнічалі беларускія грэка-каталіцкія семінарысты, для якіх у манастыры манахаў-студытаў у Уніве быў арганізаваны літургічна-музычны курс, і група вернікаў з Беларусі, якія бралі ўдзел у пілігрымцы, урачыстым завяршэньнем якой стала хіратонія новых беларускіх і ўкраінскіх сьвятароў і дыяканаў. За новых сьвятароў БГКЦ на сьвяточнай Боскай Літургіі ў Уніўскай Лаўры маліліся Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек), Дэкан Усходняга дэканату БГКЦ імя сьв. Язафата ераманах Лявонці (Тумоўскі) з Полацку, душпастыр з Магілёву а. Пётр Мартэн ды а. Алесь Шаўцоў з Горадні.