X Веляградзкі тэалагічны кангрэс: “Да больш глыбокай салідарнасьці паміж хрысьціянамі Еўропы”

Пад такім дэвізам з 28 чэрвеня па 1 ліпеня 2007 году праходзіў Х Юбілейны тэалагічны кангрэс у Веляградзе (Чэхія). Патранат над Кангрэсам прынялі архібіскуп Аламоўцкі Ян Граўбнэр і Вярхоўны Архібіскуп Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы кардынал Любамір Гузар (якога на Кангрэсе прадстаўляў архібіскуп Львоўскі Ігар Возьняк). Сярод 150 удзельнікаў Кангрэсу было 35 грэка-каталіцкіх, рыма-каталіцкіх і праваслаўных ярархаў. З беларускіх каталіцкіх ярархаў у Х Веляградзкім кангрэсе ўдзельнічаў архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі.

Кангрэс праходзіў з нагоды 100-ых угодкаў І-га Веляградзкага ўнійнага кангрэсу, які быў праведзены ў 1907 годзе па ініцыятыве мітрапаліта Львоўскага Андрэя Шаптыцкага і архібіскупа Аламоўцкага Антаніна Кірылы Стояна ў кантэксьце адраджэньня традыцыі сьвятых Кірылы і Мятода (у ХІХ стагоддзі яго распачалі біскуп Марыбору (Славенія) Антанін Сломшак і архібіскуп Дзякава (Харватыя) Ёсіп Штросмаер).

На пачатку ХХ стагоддзя, у кантэксьце Веляградзкіх кангрэсаў, кірыла-мятодаўская спадчына (традыцыя) стала для многіх тэолагаў, каталіцкіх і праваслаўных (Сяргей Булгакаў, Аляксей Мальцаў, Антон Карташоў), натхненьнем да пошуку шляхоў прымірэньня паміж Цэрквамі, асабліва славянскімі.

Веляградзкімі кангрэсамі амаль ад самага пачатку цікавіліся беларускія тэолагі (сярод іншых а. Фабіян Абрантовіч, біскуп Зыгмунт Лазінскі, кс. Уладзіслаў Талочка, кс. Казімір Кулак, а. Антон Неманцэвіч, а. Андрэй Цікота). У V Веляградзкім кангрэсе ў 1927 актыўна ўдзельнічаў а. Андрэй Цікота з кляштару айцоў марыянаў у Друі. Унійныя ідэі Веляградзкіх кангрэсаў знайшлі тэалагічны і душпастырскі водгук у Львове і Пінску. Асаблівым ягоным працягам былі Пінскія ўнійныя канферэнцыі, што праходзілі ў 30-х гадах мінулага стагоддзя пад патранатам Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага.

Практычнай арганізацыяй сёлетняга X Веляградзкага кангрэсу заняліся Інстытут экуменічных дасьледаваньняў Украінскага каталіцкага ўніверсітэту ў Львове і езуіцкі Дасьледчы цэнтр Centro E. Aletti (Рым-Веляград). Х Веляградзкі кангрэс меў экуменічны характар. Дакладчыкі і ўдзельнікі кангрэсу прадстаўлялі Грэка-Каталіцкую, Рымска-Каталіцкую, Праваслаўную і пратэстанцкія Цэрквы з розных краінаў Еўропы. Сярод дакладчыкаў былі такія выдатныя тэолагі, як дасьледчык духоўнасьці Ўсходніх Цэркваў кардынал Тамаш Шпідлік, праваслаўны мітрапаліт Таліна Стэфанас (Хараламбідас), а таксама багасловы Ўкраінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату з Кіева. Сярод высокіх гасьцей быў прадстаўнік Папскай Рады па справах Еднасьці хрысьціянаў манс. Мілан Жуст з Ватыкану.

У сваёй заключнай Дэкларыцыі Х Юбілейны Веляградзкі кангрэс выказаў хрысьціянам Беларусі асаблівую “экуменічную салідарнасьць і духовую падтрымку на шляху іх сумеснага сьведчаньня Евангельля”. Прэс-служба Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі

Связаться с нами
Издатель: Греко-католическая парафия святых братьев-апостолов Петра и Андрея в г. Берасьци
Адрес редакции: вул.Чубара 63 +226604 г. Брест Беларусь Тел. / факс: (016) 54-16-59