Грэка-каталікі ў Будславе
1-2 ліпеня 2007 году вернікі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы па традыцыі далучыліся да ўрачыстасьцяў з нагоды сьвята іконы Маці Божай Будслаўскай.
Як і штогод, шматлікія ручаі пілігрымаў з розных куткоў Беларусі сустрэліся ў Будславе і, як рака ў час паводкі, напоўнілі невялікае, але слаўнае беларускае мястэчка. З Менску на сьвята ў Будслаў увечары ў нядзелю, 1 ліпеня, прыбыў аўтобус з грэка-каталіцкімі пілігрымамі, прыкладна ў той самы час прыехалі яшчэ два мікрааўтобусы з вернікамі з Берасьця.
Згодна традыцыі, якая склалася на Будслаўскім фэсьце, заўсёды, блізка апоўначы (а 23-й гадзіне), вернікі візантыйскага абраду сьпяваюць Акафіст Найсьвяцейшай Багародзіцы. Сёлета малітву акафісту ўпершыню ўзначальваў хор вернікаў з берасьцейскай парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя, але, як і заўсёды, да гэтага малітоўнага праслаўленьня Багародзіцы мог далучыцца кожны вернік. Пасьля акафісту, на ўзьведзеным каля сьцяны будслаўскае сьвятыні алтары, адбылося асьвячэньне копіі іконы Маці Божай Будслаўскай і затым – працэсія са сьвечкамі сьвятароў і шматлікіх вернікаў абодвух абрадаў, у якой узялі ўдзел і беларускія грэка-каталіцкія сьвятары: дэкан Усходняга протапразьбітарату а. Лявонці (Тумоўскі) з Полацку, а. Ігар Кандрацьеў з Берасьця, а. Аляксандр Шаўцоў з Горадні, а. Андрэй Буйніч і новасьвятар а. Яўген Усошын з Менску. Падчас начнога чуваньня ў галоўным каталіцкім санктуарыюме Маці Божай у Беларусі а 2-й гадзіне ночы грэка-каталіцкія сьвятары адслужылі Боскую Літургію ў візантыйскім абрадзе. Набажэнства каля галоўнага алтара перад цудатворнай іконай Маці Божай Будслаўскай узначальваў нядаўна высьвячаны беларускі грэка-каталіцкі сьвятар а. Яўген Усошын. На літургіі сьпяваў імправізаваны хор, які складаўся пераважна з вернікаў менскай і берасьцейскай парафіяў.
2 ліпеня, у дзень сьвята ў гонар цудатворнай іконы Маці Божай Будслаўскай, а 12-й гадзіне сьвятары і вернікі БГКЦ разам з іншымі пілігрымамі маліліся на ўрачыстай сьв. Імшы, якую ўзначальваў Апостальскі Нунцый архібіскуп Марцін Відавіч. Сьвятую Імшу з ім саслужыў амаль увесь епіскапат Рыма-Каталіцкай Царквы ў Беларусі. Разам з ярархамі лацінскага абраду саслужыў таксама і Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей (Гаек). Наогул у Будслаўскім фэсьце ў гонар Багародзіцы сёлета ўзялі ўдзел каля сарака тысячаў вернікаў, прычым, па даўняй традыцыі, ня толькі каталікоў абодвух абрадаў, але і праваслаўных.
а. Андрэй Буйніч, г.Менск
На фота: Будслаў, 2.07.2007. Прыміцыйная Боская Літургія новасьвятара БГКЦ
а. Яўгена Ўсошына ля алтара Маці Божай Будслаўскай.