100-гадовы юбілей скаўтынгу

Сёлета 1 жніўня споўнілася сто гадоў з таго дня, як лорд Бадэн Паўэл наладзіў першы летнік скаўтаў на высьпе Броўнсі ў Англіі. З гэтай падзеі пачалася гісторыя руху, які мае на мэце выхаваньне адважных, адказных і спраўных маладых людзей.

Афіцэр Брытанскага каралеўскага войска распрацаваў педагогіку, якая выхоўвае дзяцей да жыцьця ў міры й любові з іншымі, да шанаваньня прыроды, да веры ў Бога, да асабістае і грамадзянскае адказнасьці ды шмат якіх іншых важных каштоўнасьцяў. Пачаўшыся з аднаго летніка для некалькіх дзясяткаў хлопчыкаў, сёньня скаўцкі рух налічвае агулам мільёны сябраў – хлопцаў і дзяўчын, а таксама дарослых шэфаў. І гэта сьведчыць пра тое, што важнасьць гэтых каштоўнасьцяў сапраўды не прамінае, а скаўцкі метад па-ранейшаму дае плён.

З нагоды 100-гадовага юбілею 1 жніўня 2007 году а 8-й гадзіне раніцы па ўсім сьвеце скаўты аднаўлялі скаўцкае прырачэньне. Таксама ў гэты дзень Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI сустрэўся з прадстаўнікамі Міжнароднага зьвязу гайдаў і скаўтаў Еўропы (FSE), які налічвае каля 60 тысячаў сябраў у 19 краінах Еўропы і Канадзе. «Гэта нагода, каб выразіць нашую блізкасьць і сяброўства»,– так падсумаваў значэньне гэтай сустрэчы Разарыё Баронэ, Генеральны камісар італійскае арганізацыі – адной з сябраў Зьвязу.

А неўзабаве, 4-11 жніўня, праз славацкія ды польскія Татры прайшла міжнародная скаўцкая вандроўка EUROMOOT 2007. Больш за тры тысячы маладых людзей – сябраў Міжнароднага зьвязу гайдаў і скаўтаў Еўропы, у тым ліку хлопцы й дзяўчыны з Беларусі, узялі ў ёй удзел.

Вандроўка пачалася 4 жніўня Боскай Літургіяй ва ўсходнім абрадзе ў грэка-каталіцкім санктуарыюме Багародзіцы ў мястэчку Левоча, што ў Славакіі, і скончылася 11 жніўня начным пераходам-пілігрымкай ды сьвятой Імшой у заходнім абрадзе на Яснай Гары ў польскай Чэнстахове, ля цудатворнай іконы Маці Божай. Такім чынам, вандроўка сымбалічна аб’яднала двое лёгкіх Еўропы – усходнюю і заходнюю хрысьціянскія традыцыі, пра што часта казаў і да чаго ўвесь час заахвочваў папа Ян Павел ІІ.

Удзельнікі Еўрамуту-2007 прадстаўлялі 15 краінаў Еўропы. Самаму старэйшаму з іх было 74 гады. За пяць дзён вандроўкі кожны ўдзельнік прайшоў з поўным рыштункам 70-100 кіламетраў. Падрыхтоўка да мерапрыемства цягнулася каля двух гадоў.

Падчас усяго падарожжа і вандроўкі ў Татрах душпастырскую апеку над беларускімі скаўтамі меў грэка-каталіцкі сьвятар з Горадні а. Алесь Шаўцоў.

Будзем спадзявацца, што сьвяткаваньне 100-ых угодкаў скаўцкага руху надасьць новы магутны імпульс для разьвіцьця хрысьціянскага скаўтынгу на Еўрапейскім кантыненце, у тым ліку і ў роднай Беларусі.

Фотаздымкі з EUROMOOT-2007 можна паглядзець ў Інтэрнэце: www.euromoot.pl Васіль Санковіч, г.Менск

На фота:
1. 4.08.2007, Санктуарыюм Маці Божай у м. Левоча (Славакія). Боскую Літургію для еўрапейскіх скаўтаў узначальвае Ўладыка Ян Бабяк, біскуп Прэшаўскі.

2. На адкрыцьці міжнароднай сустрэчы еўрапейскіх скаўтаў у Татрах EUROMOOT-2007.

3. Беларускія скаўты з а. Алесем Шаўцовым на EUROMOOT-2007.

Связаться с нами
Издатель: Греко-католическая парафия святых братьев-апостолов Петра и Андрея в г. Берасьци
Адрес редакции: вул.Чубара 63 +226604 г. Брест Беларусь Тел. / факс: (016) 54-16-59