Пілігрымка семінарыстаў

Сёлета для семінарыстаў БГКЦ пілігрымка Віцебск-Полацак пачалася з падрыхтоўкі да яе. За тыдзень перад выхадам пілігрымаў з Віцебску амаль усе нашыя семінарысты і кандыдаты ў семінарыю сабраліся разам у Полацку. Тут, узначаленыя а. Алесем Шаўцовым, мы жылі пры манастыры студытаў.

Асноўная наша задача была — добраўпарадкаваньне манастырскай тэрыторыі і зборка металёвай канструкцыі капліцы, якая была неабходная для таго, каб пад адкрытым небам адслужыць для шматлікіх пілігрымаў урачыстую Літургію ў нядзелю, па заканчэньні пілігрымкі. Таксама вялікая ўвага была ўдзелена духоўнай падрыхтоўцы семінарыстаў. Кожную раніцу семінарысты і кандыдаты мелі Боскую Літургію, слухалі казаньні. Вечарам усе бралі ўдзел у вячэрні, а пасьля ахвотныя маглі застацца яшчэ й на павячэр’е. Усе багаслужбы ў манастыры праходзілі на царкоўнаславянскай мове.

У аўторак увечары разам з Полацкімі пілігрымамі мы выехалі ў Віцебск. Настрой пасьля служэньня ў Полацку быў бадзёры, натхняў да працы. Я адчуваў адказнасьць за арганізацыйны бок пілігрымкі. Хацелася, каб яе ўдзельнікі думалі пра духоўнае, а не гублялі час на зямныя клопаты, на вырашэньне розных праблемаў, якія маглі паўстаць падчас пілігрымкі.

Здаецца, што найбольшым уражаньнем з усёй пілігрымкі стаў дождж, які пачаўся на другі дзень, перад прыходам у Шуміліна, і скончыўся толькі ў нядзелю, пасьля літургіі. Зразумець Божы сэнс гэтай зьявы я змог, зьвярнуўшыся да Сьвятога Пісаньня. У нагорнай пропаведзі Ісуса дождж — гэта адзін з спосабаў выпрабаваньня на трываласьць збудаванага дому (пар. Мц 7, 27). Таксама апостал Якуб кажа пра доўгацярплівасьць земляроба, які чакае дажджу, каб зямля дала плён (пар. Як 5, 7). У некалькіх месцах Новага Запавету дождж зьяўляецца асноўным варункам, без якога зямля ня дасьць плёну (пар. Як 5, 7; Як 5,18; Дз 14, 17; Габ 6, 7). Сапраўды, для многіх удзельнікаў сёлетняй полацкай пілігрымкі гэты дождж стаў выпрабаваньнем, якое яны перажылі з радасьцю.

У Полацку здарыўся выпадак, які я б назваў знакам надзеі. Калі калона пілігрымаў падыходзіла да цэнтру горада, урачыста загучалі званы праваслаўнай царквы Покрыва Найсьвятой Багародзіцы. Збоку гэта выглядала так, нібыта нас урачыста вітаюць. Але, паглядзеўшы на гадзіньнік, стала зразумела, што пачалася вячэрня і што гэта Божы провід “прымусіў” нашых братоў павітаць нас.

Скончылася пілігрымка ўрачыстай сьв. Літургіяй у нядзелю, падчас якой вернікі таксама атрымалі блаславеньне дажджом. Агульны настрой пілігрымаў быў радасны, многія пажадалі прыняць удзел у пілігрымцы ў наступным годзе. А семінарысты засталіся ў Полацку яшчэ на адзін дзень, каб навесьці парадак.
семінарыст Аляксей Філіпенка

На фота:
1. Для многіх удзельнікаў пілігрымкі дождж стаў выпрабаваньнем, якое яны перажылі з радасьцю.
2. Семінарысты на ўзьвядзеньні капліцы.
3. На малітве ў манастырскай царкве.
4. Полацак. Боская Літургія пад дажджом.
5. Прышэльцы? Не, пілігрымы!
6. 14.07.2007. Пілігрымы ў Струньні, каля памятнага крыжа на месцы рэзідэнцыі полацкіх уніяцкіх архібіскупаў.

Связаться с нами
Издатель: Греко-католическая парафия святых братьев-апостолов Петра и Андрея в г. Берасьци
Адрес редакции: вул.Чубара 63 +226604 г. Брест Беларусь Тел. / факс: (016) 54-16-59