Разам на шляху веры ў сьвятле Евангельля
З 11 па 15 ліпеня 2007 году адбылася ХІІІ штогадовая Пілігрымка беларускіх грэка-каталікоў. У нядзелю, 15 ліпеня, яна завершылася ў Полацку, каля сьценаў грэка-каталіцкага храму сьв. Параскевы Полацкай. За 4 дні каля васьмі дзясяткаў пілігрымаў прайшлі шлях з Віцебску – месца мучаніцкай сьмерці сьвятамучаніка Язафата – у Полацак – месца мучаніцкай сьмерці Полацкіх Пакутнікаў 1705 году.
Пілігрымка была адной з найважнейшых душпастырскіх ініцыятываў 2007 году, які ў БГКЦ адзначаецца як «Год веры». Таму дэвіз і тэма сёлетняй XIII-ай Пілігрымкі быў такі: “Дзе вера – там і моц (сьв. Ян Залатавусны). Разам на шляху веры ў сьвятле Евангельля”. Гэтая тэма ўпісвалася ў агульную душпастырскую тэму, якую на 2007 год вызначыла Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі: «Усе пакліканы да сьвятасьці».
Пілігрымка прайшла традыцыйным шляхам праз Слабаду, Шуміліна, Обаль, Гараны, Струньне. На сваім шляху штодзень пілігрымы маліліся ў адмысловых інтэнцыях i духовых патрэбах: у сераду – за моладзь Беларусі, у чацьвер – за беларускія сем’і (за сьвятасьць сем’яў), у пятніцу – за сьвятасьць сьвятароў і дыяканаў БГКЦ, у суботу – за духовы рост Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.
У старажытны Полацак пілігрымы прыйшлі ў суботу, 14 ліпеня. Увечары ў храме адбылася Вячэрня з удзелам пілігрымаў. У нядзелю, пасьля ранішняй Ютрані, у 10.30 распачалася Боская Літургія, якую ўзначаліў Апостальскі Візітатар для грэка-каталікоў у Беларусі архімандрыт Сяргей (Гаек) у саслужэньні двух протапразьбітараў (дэканаў) БГКЦ: а. Андрэя Абламейкі з Менску (Цэнтральна-Заходні протапразьбітарат) і ераманаха Лявонція (Тумоўскага) з Полацку (Усходні протапразьбітарат), а такасама сьвятароў двух абрадаў з Беларусі і замежжа. Сярод ганаровых гасьцей быў ігумен манахаў-студытаў з Сьвята-Усьпенскай Уніўскай Лаўры (Украіна).
Паколькі ўсе прысутныя не змаглі зьмясьціцца ў невялічкай царкве, Літургія адбывалася на двары, пад праліўным дажджом. Нягледзячы на непагадзь, удзельнікі адчувалі дабрадатнае дзеяньне Божай ласкі і духоўна ядналіся з братамі лацінскага, або рымскага, абраду, сабранымі ў Гудагаі на каранацыі цудатворнага абраза Маці Божай Шкаплернай.
Гэтую духоўную еднасьць асабліва падкрэсьліў у сваім Пасланьні, скіраваным да ўдзельнікаў ХІІІ пілігрымкі беларускіх грэка-каталікоў, Апостальскі Нунцый у Беларусі архібіскуп Марцін Відавіч. Пасланьне было зачытана адначасова перад Боскай Літургіяй у Полацку і напрыканцы каранацыйнай сьвятой Імшы ў Гудагаі. (Гл. тэкст Пасланьня Нунцыя тут).
У гаміліі падчас Боскай Літургіі Апостальскі Візітатар прывітаў усіх удзельнікаў урачыстасьці і выказаў падзяку братам праваслаўным і пратэстантам (асабліва тым, што прысутнічалі на ўрачыстасьцях) за іх малітоўную салідарнасьць. Словы пашаны і прывітаньні Архімандрыт Сяргей скіраваў і да высокіх прадстаўнікоў дзяржаўных, абласных і гарадзкіх уладаў. (Слова Апостальскага Візітатара гл. тут).
Урачысты характар сьвяточным багаслужбам надалі прыгожыя сьпевы ў выкананьні менскага міжпарафіяльнага грэка-каталіцкага хору пад кіраўніцтвам студэнткі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Марыі Янушкевіч. Яна зусім нядаўна займаецца з гэтым маладым – і па часе існаваньня, і па ўзросьце ўдзельнікаў – хорам, але сьпевакі-энтузіясты ўжо дасягнулі заўважных посьпехаў.
Пасьля цалаваньня сьвятога крыжа напрыканцы Літургіі неба над Полацкам праясьнела і з яго глянула цёплае летняе сонца, што хутка высушыла зямлю і змоклых удзельнікаў сьвята.