Скарынаў дар
490 гадоў таму, у Празе,
доктар Францішак Скарына
з Полацку пачаў друкаваць
БІБЛІЮ.
Надрукаваная ім кніга Псалтыр
стала першай беларускай друкаванай кнігай.
Сваю асьветніцкую працу для нашага народу Францішак Скарына распачаў 6 жніўня 1517 году. Пэўна, гэты дзень быў абраны ім невыпадкова, бо 6 жніўня ў царкоўным календары – сьвята Перамяненьня (Спас). Вось жа, будучы шчырым, пабожным хрысьціянінам і адданым сынам сваёй Бацькаўшчыны, добра ведаючы ўсе яе беды і праблемы, праз сваё выданьне Бібліі наш асьветнік заклікаў да перамяненьня тагачаснага грамадзтва, чалавека і ўсёй Царквы. На ўсе праблемы гэтага сьвету Ф.Скарына прапаноўваў глядзець праз сьвятло Бібліі, праз Слова Божае. І для гэтага ён зрабіў даступнай яе для люду простага. Кніга Псалтыр мела служыць ня толькі, каб людзі па ёй грамаце вучыліся, а каб адкрывалі вялікія, схаваныя ў ёй скарбы: «Суть бо в ней псалмы, …всякии немощи, духовныи и телесныи, уздравляють, душу и смыслы освещають, гнев и ярость усмиряють, мир и покой чинять, смуток и печаль отгоняют, чювствие в молитвах дають, людей в приязнь зводять, ласку и милость укрепляють».
Кім ён быў, наш беларускі асьветнік? Яго імя – Францішак – яўна заходняй, лацінскай традыцыі, але ж бацька – полацкі купец Лука – і старэйшы брат Іван мелі хутчэй тыпова праваслаўныя імёны. Несумненна, што Ф.Скарына ведаў лацінскую традыцыю, бо яму давялося доўгі час жыць і вучыцца ў каталіцкім асяроддзі ва ўніверсітэтах Кракава і Падуі. Ён быў сакратаром і лекарам у Віленскага каталіцкага біскупа Яна з князёў літоўскіх. Урэшце, Скарына ажаніўся ў Вільні з удавою каталіцкага веравызнаньня Маргарытай… І тым ня менш, толькі чалавек, які добра ведаў, любіў і ўвесь час жыў усходняй літургічнай традыцыяй, мог укласьці й выдаць “Малую падарожную кніжку” – першы ў Беларусі (і ня толькі) друкаваны малітаўнік для сьвецкіх вернікаў.
Сёлета споўнілася 485 гадоў, як гэты Скарынаў малітаўнік з тэкстамі царкоўных багаслужбаў візантыйскага абраду пабачыў сьвет у Вільні, у 1522 г. Ён зьмяшчае псалтыр, часасловец і шасьцідневец, царкоўны каляндар на ўвесь год з пасхаліяй ды акафісты з канонамі. Уласна акафісты найбольш сьведчаць пра прыналежнасьць Скарыны да ўсходняй традыцыі, бо два з іх ён напісаў сам і з дапамогаю акравершу зашыфраваў там сваё імя.
Варта адзначыць, што ўласна ў часы, на якія прыпадае навучаньне Скарыны ў заходніх універсітэтах і яго друкарская дзейнасьць, ярархі Кіеўскай мітраполіі і ўладары ВКЛ вялі перапіску з Рымам, спрабуючы аднавіць Фларэнцкую Унію, каб паяднаць на сваіх землях хрысьціянаў «закону грэцкага» і «закону рымскага». Ці не гэтай самай мэце прысьвяціў сваю асьветніцкую справу Францішак Скарына?
Не для ўласнага гонару, славы або грошай распачаў Скарына сваю друкарскую справу, а найперш на славу Божую («напред ко чти и к похвале богу в троици единому и пречистой его матери Марии») і для дабра агульнага свайго народу ды з любові да яго мовы («к пожитку посполитого доброго, наболей с тое причины, иже мя милостивый бог с того языка на свет пустил»). Магчыма, прыйдзе час і Паўсюдная Царква вызнае заслугі Ф.Скарыны – годнага прадаўжальніка кірыла-мятодаўскай традыцыі – ды абвесьціць яго сьвятым. Словы ж нашага вялікага асьветніка і першадрукара, напісаныя ім амаль паўтысячагоддзя таму ў Прадмове да ўсёй Бібліі, застаюцца актуальным напамінам-зваротам да нашага грамадзтва і сёньня: “В сей Книзе всее прироженое мудрости зачало и конець, бог вседержитель познаван бываеть. В сей Книзе вси законы и права, ими же люде на земли справоватися имають, пописаны суть. […] Чтимы ж уставичне светое Еувангелие, а чтучи е[го], наследуймы делы нашего йзбавителя Ісуса Христа! А тако с помощию его внийдем в живот вечный и в царство небесное, уготованное ізбранным божиим».