Вечная памяць!
З матэрыялаў газеты беларусаў у вольным сьвеце “Беларус” даведаліся, што сёлета адыйшлі ў вечнасьць некалькі беларускіх дзеячаў нашай дыяспары, якія, не зважаючы на неспрыяльныя абставіны, праз дзесяцігоддзі захоўвалі шчырую любоў да каталіцтва ўсходняга абраду і тым самым сьведчылі пра незьнішчальнасьць нашае Зьяднанае Царквы. Напярэдадні Дзядоў хочам узгадаць добрым словам тых, хто памёр далёка ад роднай зямлі, але, пэўна, сваімі малітвамі вымаліў адраджэньне нашае Царквы на Бацькаўшчыне.
У Вялікую суботу перад Вялікаднем, 7 красавіка, адыйшла ў вечнасьць, пражыўшы 80 гадоў, Юзэфа ТАРАСЭВІЧ (паходзіла з-пад Ліды з в. Клешнякі), сястра беларускага грэка-каталіцкага біскупа Ўладзіміра Тарасэвіча. Пахаваная нябожчыца была 13 красавіка на могілках бенедыктынскага манастыра сьв. Пракопа ў Лайл (ЗША), дзе спачываюць абодва яе браты – уладыка Ўладзімір ды Францішак, яе маці, а таксама дзядзька – беларускі ўсходне-каталіцкі сьвятар а. Ян Хрызастом Тарасэвіч.
Шмат гадоў спадарыня Юзя жыла і аддана служыла пры грэка-каталіцкай царкве Хрыста Збаўцы ў Чыкага, якая раней належала беларусам, а цяпер – румынскім грэка-каталікам. У памяць пра яе 15 красавіка, пасьля службы Божай і паніхіды, румынскія браты пры ўдзеле нешматлікіх ужо беларускіх парафіянаў у царкоўнай зале зладзілі памінкі. 22 траўня 2007 году спачыла яшчэ адна адданая беларуская парафіянка ўсходне-каталіцкай парафіі Хрыста Збаўцы ў Чыкага – Ванда МАХНАЧ (ЧАРНЭЦКАЯ).
Нарадзілася яна ў Маскве, у 1919 годзе, у сям’і беларуса і расейкі, да вайны жыла з бацькамі ў Ляхавічах. Яшчэ малой дзяўчынкай яна пазнаёмілася з а. Вячаславам Аношкам (тады ён служыў у ляхавіцкім касьцёле), які пазьней стаў сябрам Рады Беларускага Экзархату Грэка-Каталіцкай Царквы. Ён падтрымаў яе прыродную беларускасьць, і пра гэта спн. Ванда Чарнэцкая з любоўю распавяла ў сваім лісьце, які быў надрукаваны ў газеце “Царква”.
Рыма-каталічка паводле хросту, яна вельмі любіла ўсходні абрад. Маючы вельмі прыгожы альт, разам з мужам Міхасём яна сьпявала ў царкоўным хоры парафіі Хрыста Збаўцы. Медык з адукацыі (студыявала медыцыну яшчэ ў Вільні, ва ўніверсітэце Сьцяпана Батуры, затым у нямецкім Марбургу), яна была сьціплай і годнай беларускай, вызначалася вялікай ахвярнасьцю, за што яе ўсе вельмі паважалі і любілі. Была сярод ахвярадаўцаў Памятнага Еўфрасіньнеўскага Крыжа, які быў усталяваны ў Сьвятыні Пакутнікаў у Мідляндзе (Канада) да 1000-годдзя хрысьціянства ў Беларусі, і ня раз брала ўдзел у беларускіх пілігрымках да гэтай сьвятыні, якія маюць экуменічны характар. Сёлета, на Тройцу, падчас паломніцтва да Беларускага Крыжа пад кіраўніцтвам праваслаўнага сьвятара а. Вячаслава Логіна, пілігрымы маліліся за супакой душы спн. Ванды Махнач-Чарнэцкай.
Бог адвёў ёй у гэтым жыцьці 88 гадоў. Свой вечны супакой яна знайшла побач з магіламі сваякоў на могільніку Гілсайд непадалёку ад Чыкага. Службу за супакой спачылай адслужылі тры сьвятары.
З Аўстраліі прыйшла вестка пра сьмерць палешука-ўніята Віктара ЛІПСКАГА (1929-2007). Сябры называлі яго бескампрамісным патрыётам, цьвёрдым, як крэмень. Ягоны бацька і дзед – родам з Альпеня (Століншчына) – былі пісьменнымі людзьмі і аддана працавалі на карысьць Грэка-Каталіцкай Царквы.
20-гадовым хлопцам Віктар Ліпскі апынуўся ў Аўстраліі, працаваў на розных праектах, зарабляючы вялікія грошы ды ўкладаючы іх у свой багаты дом і касу ашчаднасьці. Віктар быў нязьменным сябрам управы Беларускага культурна-грамадзкага клубу ад заснаваньня ў 1973 годзе аж да сваёй сьмерці. Як адзначылі ў некралогу яго сябры, ён ніколі не шкадаваў грошай на грамадзкія справы і заўсёды быў першым на падпісным лісьце ахвяраў на беларускія патрэбы. Увесь час выпісваў беларускія газеты, купляў усё, што выдавалася ў замежжы пра Беларусь, і знаёміў з ім іншых.
Меў сына Віктара і жонку Барбару, а таксама брата ў Польшчы. Памёр раптоўна, пахаваны на беларускай секцыі могілак Руквуд у Сіднэі.
Адчувальнай стратай (і ня толькі для нашае Царквы) у 2007-ым стала сьмерць Гая дэ ПІКАРДА (20.07.1931-21.04.2007) – чалавека, які не належаў ад нараджэньня да нашага народу і нашае Царквы, але прысьвяціў служэньню ім большую частку свайго жыцьця. У свае 76 гадоў гэты выдатны беларусіст і знаўца беларускай царкоўнай музыкі з Лондану (паходзіў з сям’і брэтонца-француза і англічанкі ірландзкага паходжаньня) быў яшчэ поўны планаў і творчых задумак. Зробленае ім для прапаганды беларушчыны на Захадзе заслугоўвае на вечную памяць у нашым народзе і нашай Царкве.
Сярод шматлікіх заслугаў Гая дэ Пікарда адзначым тут адну, на нашу думку, ці не найгалоўную (а яго руплівая дзейнасьць адзначана высокімі ўзнагародамі Велікабрытаніі, Францыі, Беларусі ды таксама ЮНЭСКО): уласна дзякуючы яго больш чым саракагадовай працы і энтузіязму ўпершыню была зроблена спроба сабраць па крупінках, апрацаваць і адрадзіць беларускую традыцыю літургічнага сьпеву, якая на працягу многіх гадоў сістэматычна выкаранялася расейскімі ўладамі. У старажытных, найперш супрасьлеўскіх ірмалагіёнах, ён адшукаў сапраўдныя скарбы царкоўнай музыкі, якой зацікавіў заходні сьвет. Ён зрабіў тое, што да яго не зрабіў ніхто нават у Беларусі. Апрацаваныя Гаем дэ Пікарда старажытныя і сучасныя беларускія царкоўныя сьпевы пабачылі сьвет у лонданскім выдавецтве “Божым шляхам” на 400-ыя ўгодкі Берасьцейскай Уніі ў выглядзе кнігі “Сьпевы Боскай Літургіі”. І ўжо толькі за адну гэтую ўнікальную працу Гаю дэ Пікарда належыць вялікая пашана і ўдзячнасьць беларускай Царквы візантыйскага абраду і ўсяго беларускага народу. Яго цікавыя дасьледаваньні і знаходкі ў галіне беларускай царкоўнай музыкі друкаваліся пераважна на Захадзе і маладаступныя ў Беларусі. Таму мы намераны ў хуткім часе на старонках “Царквы” пазнаёміць беларускага чытача з некаторымі з гэтых публікацыяў выдатнага брытанскага дасьледчыка.
Ігар Бараноўскі