Мenologion — каляндар літургічнага ўспаміну сьвятых Усходняй Царквы
Парафія сьв. Мікіты ў Кастамлотах – адзіная на Падляшшы каталіцкая парафія візантыйскага абраду, якая ацалела пасьля Другой усясьветнай вайны ў Польшчы – выпусьціла ў сьвет Menologion, што значыць – «Месяцаслоў». Гэтая кніга зьмяшчае тэксты малітваў Усходняй Царквы на ўвесь літургічны год. Складальнікам Месяцаслову стаў парах кастамлоцкай парафіі айцец-архімандрыт Раман Пентка.
Гэтая літургічная кніга выйшла па-польску і разьлічана найперш на тых, хто хоча ў Польшчы бліжэй пазнаёміцца з візантыйскай традыцыяй, аднак не валодае царкоўнаславянскай мовай. Але і ў Беларусі Меналагіён, выдадзены а. Раманам Пенткам, безумоўна, будзе карысны як для вернікаў і духавенства Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы (асабліва пры падрыхтоўцы беларускага Месяцаслову), так і для рыма-каталікоў, якія жадаюць бліжэй пазнаёміцца з усходняй царкоўнай традыцыяй. Трэба адзначыць таксама, што Месяцаслоў, выдадзены праваслаўнымі на царкоўна-славянскай мове, маладаступны па кошце, грувасткі, а галоўнае, не ўтрымлівае згадак многіх сьвятых, шанаваных у нашай Царкве.
У Прадмове да выданьня складальнік Mеналагіёну найперш знаёміць чытача з тым, што ўяўляе сабой літургічная малітва і літургічны год ва Ўсходняй Царкве: «Літургічная малітва ўключае два віды абрадаў: адныя спраўляюцца з пэўных нагодаў, на зычэньне вернікаў, такія як розныя таінствы (за выключэньнем Еўхарыстыі), сакраменталіі (асьвячэньні), блаславеньні і іншыя абрады; іншыя – рэгулярна паўтараюцца ў вызначаныя дні і гадзіны: гэта Літургія Гадзінаў і Еўхарыстычная Літургія.
Абрады, што зьдзяйсьняюцца рэгулярна і нават штодня, складаюцца з двух частак: адна частка ўтрымлівае сталыя, нязьменныя элементы, якія называюць агульнымі; другая – гэта элементы асаблівыя або ўласныя, якія зьмяняюцца ў залежнасьці ад надыходзячых адно за адным цыклаў літургічнага году.
У візантыйскім абрадзе літургічны год складаецца з чатырох цыклаў, якія наўзаем пранікаюць і накладаюцца, каб надаць літургічнай малітве яе асаблівы, бясконца разнастайны і далёкі ад манатоннасьці характар.
1. Існуе, найперш, тыднёвы цыкл, які зьвязвае з кожным днём тыдня ўспамін нейкай канкрэтнай таямніцы веры, сьвятога альбо групы сьвятых. Вось жа, нядзеля прысьвечана ўспаміну Ўваскрэсеньня Хрыстова; панядзелак – анёлам; аўторак і серада нагадваюць пра Сьвяты Крыж Гасподні; у чацьвер аддаецца пашана апосталам, цудатворцам і сьвятым біскупам, асабліва сьв. Мікалаю; у суботу ўзгадваюцца ўсе сьвятыя і памёрлыя. Пра Маці Божую ж наогул ніколі не забываем – Яе ўзгадваем штодня ва ўсіх набажэнствах, а асабліва – у нядзелю, у сераду і ў пятніцу, у сувязі з Яе ўдзелам у таямніцы Адкупленьня.
2. На другім месцы маем васьмітыднёвы цыкл, званы цыклам актоіха – літургічнае кнігі, дзе тыдні разьмеркаваныя ў адпаведнасьці з васьмю расьпевамі, або тонамі, візантыйскае літургічнае музыкі. Серыя з васьмі тыдняў, або васьмі таноў, пачынаецца з нядзелі сьв. Тамаша, наступнай пасьля Пасхальнай нядзелі.
3. Сьледам ідзе гадавы цыкл рухомых сьвятаў, цалкам згрупаваных вакол Пасхі. Ён ахоплівае 18 тыдняў: 10 тыдняў падрыхтоўкі да Пасхі, або перыяд Трыёдзі Поснай (літургічнай кнігі візантыйскага абраду, якая зьмяшчае парадак і зьменныя тэксты набажэнстваў на перыяд Вялікага посту і тыдняў, што папярэднічаюць яму – П.М.), і 8 тыдняў Кветнай Трыёдзі (літургічнай кнігі, якая зьмяшчае парадак і зьменныя тэксты Велікоднага перыяду), г. зн. перыяду, які доўжыцца ад нядзелі Вялікадня да нядзелі Ўсіх сьвятых, наступнай пасьля сьвята Тройцы.
4. І нарэшце, гадавы цыкл сталых сьвятаў, або каляндар літургічнага ўспаміну сьвятых – Меналагіён (ад грэцк. men – «месяц» і logion – «выказваньне», «слова», «прамова» – П.М.), што значыць Месяцаслоў. Пры гэтым у візантыйскім абрадзе літургічны год пачынаецца 1 верасьня і заканчваецца 31 жніўня».
Падкрэсьліваючы значэньне працы, выкананай а. Раманам Пенткам па падрыхтоўцы і выданьні Меналагіёну, Каталіцкае Радыё Падляшша, з нагоды выхаду гэтай літургічнай кнігі, адзначае: «Меналагіён – гэта абсалютная прэм’ера. У Польшчы яшчэ не было такіх працаў, такіх публікацыяў, датычных сьвятых, якіх ушаноўвае Ўсходняя Царква». У інтэрв’ю гэтаму радыё а. Раман Пентка заўважыў: «Большасьць сьвятых, якія фігуруюць у сьпісе рыма-каталіцкага і грэцкага абрадаў, ідэнтычныя: апосталы, Айцы Царквы, а таксама асноўныя хрысьціянскія сьвяты Гасподнія альбо Багародзічныя. Але ў грэцкім календары ёсьць яшчэ мноства сьвятых, якіх ня згадвае каляндар Рыма-Каталіцкай Царквы. І гэты факт (выхад Меналагіёну – А.М.) раней небывалы, бо ў рыма-каталікоў зьявілася магчымасьць пазнаёміцца з асобамі тых сьвятых, якіх ушаноўвае грэцкая частка хрысьціянства, такой кніжкі па-польску яшчэ не было…»
Распавядаючы пра структуру выдадзенага ім Месяцаслову, а. Раман Пентка сказаў: «Адпраўным пунктам структуры Меналагіёну ўзятыя месяцы і дні месяцаў. У пачатку кожнага дня месяцу згаданыя сьвятыя, якія ўспамінаюцца ў гэты дзень, затым – іх жыцьцяпіс, пададзены ў кантэксьце літургічных тэкстаў. Пасьля жыцьцяпісу сьвятога даюцца перакладзеныя з грэцкай або са стараславянскай на польскую мову літургічныя тэксты, патрэбныя для адпраўленьня сьв. Літургіі, але не для Службы Гадзінаў, бо тады гэта выйшла б дваццаць пяць тамоў… У гэтым Меналагіёне я, зразумела, зьмясьціў і Пратулінскіх мучанікаў, якіх ушаноўвае і рыма-каталіцкая частка Царквы, і наша грэка-каталіцкая. Зьмешчаныя тут таксама двое сьвятых, вельмі шчыльна зьвязаныя з Падляшшам, блаславёныя, якіх Папа беатыфікаваў у 2001 годзе, у чэрвені, калі быў ва Ўкраіне, гэта – бл. Мікалай Чарнецкі, біскуп, і бл. Леанід Фёдараў, які таксама належыць да візантыйскага абраду. Яшчэ адна цікавая дэталь выяўляецца з Меналагіёну: у сьпісе сьвятых праваслаўных Цэркваў, Расейскае, Грэцкае, ёсьць таксама 19 Рымскіх папаў. І гэтыя літургічныя тэксты пра папаў першага тысячагоддзя выкарыстоўвае ў малітвах, моліцца да гэтых папаў Праваслаўная Царква ў Маскве і ва ўсіх астатніх месцах, і ў Грэцыі. Толькі ў грэцкіх Меналагіёнах імёны папаў напісаныя малюсенькімі літарамі, і там мала хто ведае пра тое, што Праваслаўная Царква моліцца і ўшаноўвае Рымскіх папаў».
Але Меналагіён – кніга ня толькі і ня столькі гістарычная, яна можа дапамагчы ў медытацыі, у малітве. «Гэтая кніга ўтрымоўвае ня толькі жыцьцяпісы, але, перш за ўсё, літургічныя тэксты, гэтую паэтычную прозу, і я імкнуўся ў такой паэтычнай прозе перадаць усе гэтыя тэксты, а яны выдатныя. Мне асабіста, падчас усяго майго саракагадовага знаходжаньня ў Кастамлотах, яны давалі сілы вытрымаць, давалі мне для маіх патрэбаў матэрыял аскетычны, тэалагічны, а таксама містычны»,– сьцьвярджае айцец Раман.
Парах парафіі і складальнік Месяцаслову, айцец-архімандрыт Раман Пентка, сёлета адзначыць сваё 70-годдзе. Як заўсёды з усьмешкаю кажа пра сябе а. Раман, нарадзіўся ён роўна праз дваццаць гадоў пасьля кастрычніцкага перавароту – 7 лістапада 1937 году. У 1953 годзе ён паступіў у навіцыят марыянаў, затым вучыўся ў Рыме, у Русікуме. У 1964 годзе Раман Пентка быў высьвячаны на сьвятара. Дарэчы, рукапакладаў яго тагачасны Генерал Ордэну Марыянаў, беларускі біскуп усходняга абраду Чэслаў Сіповіч. Наогул, усходнім абрадам ён зацікавіўся дзякуючы беларускаму сьвятару-марыяніну а. Тамашу Падзяву. Апошні ўсё жыцьцё марыў служыць ва ўсходнім абрадзе для свайго народу, аднак працаваць яму давялося далёка ад Бацькаўшчыны. З 1935 году ён быў на місіі ў Харбіне, дзе пасьля вайны быў арыштаваны кітайскімі камуністамі і кінуты ў савецкія лагеры. У 1955 годзе, калі вызваліўся, ён трапіў у Польшчу. У семінарыі, дзе вучыўся Раман Пентка, а. Тамаш Падзява выкладаў латынь. Уласна з гэтага часу пачалося іх знаёмства і Раман Пентка так пранікся духоўнай спадчынай хрысьціянскага Ўсходу ды справай еднасьці, што вырашыў прысьвяціць гэтаму ўсё свае сьвятарскае служэньне. Яшчэ адзін цікавы факт з яго біяграфіі: ужо ў нашыя дні а. Раман Пентка, каб ушанаваць памяць свайго настаўніка, падрыхтаваў да друку кнігу «Демьян, или Почему люди стали верить в Бога». Знаходзячыся ў лагерах, каб падтрымаць у людзях веру ў Бога, а. Тамаш Падзява ў выглядзе вершаў выклаў па памяці вядомы ў міжваенны час антыатэістычны сатырычны твор, выдадзены, верагодна, пад псеўданімам «В.Мельников». Ён запісваў сваю паэму на абрыўках паперы ў перапынках паміж цяжкай лагернай працай, пазьней яе ўдалося запісаць у сшытак і захаваць як помнік той смутнай эпохі.
З 1967 году, на працягу сарака гадоў, а. Раман Пентка быў нязьменным пробашчам неаўніяцкай парафіі ў Кастамлотах. У 1998 годзе Прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў кардынал Сільвестрыні ўзьвёў а. Рамана ў сан архімандрыта.
За гады сваёй душпастырскай працы архім. Раман Пентка шмат зрабіў, каб польскае грамадзтва, выхаванае ў лацінскай традыцыі, ня толькі бліжэй пазнаёмілася з усходнім хрысьціянствам, але і магло карыстацца такім багатым скарбам, такім выдатным сьветам хрысьціянскае культуры Ўсходу. І гэтай справе, безумоўна, будзе служыць выдадзены сёлета ім Menologion-Месяцаслоў.
а. Пётр (Анры) Мартэн г.Магілёў