Пасланьне Апостальскага Нунцыя ў Беларусі архібіскупа Марціна Відавіча да ўдзельнікаў XIII штогадовай Пілігрымкі вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі
Віцебск – Полацак, 11-15 ліпеня 2007 г.
Дарагія браты і сёстры!
«Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста, любоў Бога Айца і супольнасьць Сьвятога Духа хай будуць з усімі вамі» (2 Кар 13, 13).
1. З глыбіні сэрца вітаю вас усіх разам і кожнага асабіста, памятаючы маю прысутнасьць сярод вас год таму, калі маліўся я з вамі і за вас і служыў з вамі Боскую Літургію. Гэтым разам мае абавязкі вядуць мяне ў Санктуарыюм Гудагайскай Багародзіцы, ікона Якой – як добра ведаеце – будзе ўрачыста каранаваная “ад імя і з дазволу Найвышэйшага Пантыфіка”, на моцы кананічнай згоды, што Біскуп Гарадзенскі Ўладыка Аляксандар Кашкевіч атрымаў 18 траўня 2006 г. Ужо раней Слуга Божы Ян Павел Вялікі 18 кастрычніка 2003 г. – у час аўдыенцыі, дадзенай кармялітам босым з таго ж самога Санктуарыюму – блаславіў карону, якая ад зараз і на будучыню аздобіць старажытную, цудатворную ікону Найсьвяцейшай Дзевы Марыі.
2. У Гудагаі, як пілігрым сярод Народу Божага, што пілігрымуе на зямлі, заступніцтву Найсьвяцейшай Багародзіцы даверу Царкву, што ў Беларусі, гэтую ўзьлюбленую Краіну ды наш еўрапейскі кантынент. Ейнай руплівай апецы даверу ўсіх католікаў Беларусі, як лацінскага або рымскага так і візантыйскага або грэцкага абрадаў, ды ўсіх жыхароў гэтай часткі Еўропы. Ёй, Маці Хрыста і Маці адкупленага чалавецтва, даверу вашыя радасьці і вашыя надзеі, вашыя смуткі і вашыя непакоі, вашыя прагненьні і вашыя спадзяваньні, каб усе яны знайшлі рэха ў Ейным беззаганным Сэрцы і каб Яна прынесла іх Свайму Сыну, Ісусу Хрысту, нашаму Госпаду і Адкупіцелю чалавека.
Калі буду ў Гудагаі, сярод Народу Божага, сабранага вакол Маці Божай, каб скласьці Айцу Ахвяру Хрыста на Крыжы, узьнясу пакорную і гарачую малітву да Хрыста Госпада, Добрага Пастыра (пар. Ян 10, 1-16), каб Ягоныя беларускія вучні заўжды “трывалі ў навуцы апосталаў ды супольнасьці, у ламаньні хлеба і ў малітвах” (Дз 2, 42) і каб былі адно, як Айцец ёсьць у Ім і Ён у Айцы, каб паверыў сьвет (пар. Ян 17, 21).
Боская Літургія з каранацыяй мясцовай цудатворнай іконы Найсьвяцейшай Багародзіцы ў Гудагаі будзе праходзіць у той жа час, што і Боская Літургія, якую будзеце служыць у Полацку на завяршэньне вашай штогадовай, агульнанацыянальнай Пілігрымкі. Гэта будуць дзьве ідэнтычныя Еўхарыстычныя цэлебрацыі, нават калі яны будуць служыцца паводле дзьвюх розных традыцыяў: адна – гэтая ў Гудагаі – паводле сьвятой рымскай традыцыі, адноўленай Сьвятым Усяленскім Саборам ІІ Ватыканскім, ды другая – гэтая ў Полацку – паводле сьвятой візантыйскай традыцыі. Нават калі яны будуць праходзіць у двух асобных месцах і будуць служыцца дзьвюма асобнымі групамі вернікаў, гэта будуць дзьве ідэнтычныя Цэлебрацыі, адной адзінай “Сьвятой і Беззаганнай Ахвяры” (Рымскі імшал, 1-ая Еўхарыстычная малітва), зьдзейсьненыя адным адзіным Народам Божым “у еднасьці з усім Касьцёлам” (Там жа), як “крыніца і вяршыня ўсяго хрысьціянскага жыцьця” (Сьвяты Сабор ІІ Ватыканскі, Дагматычная канстытуцыя “Lumen gentium”, 11).
3. З гэтай шчасьлівай нагоды, на завяршэньне вашай XIII-ай штогадовай Пілігрымкі ў Полацак, заахвочваю вас, каб і пасьля вяртаньня да вашых дамоў вы працягвалі духоўную рэфлексію над вымоўным дэвізам, які ў гэтыя дні суправаджаў вашыя крокі, падтрымліваў вас у маршы па сьцежках Беларускай зямлі: “Дзе вера — там і моц” (сьв. Ян Залатавусны). Дакранаючыся да нашых сумленьняў і да нашай хрысьціянскай тоеснасьці сёньня, на парозе Трэцяга тысячагоддзя, гэты дэвіз вядзе нас да рэфлексіі над праграмай, якую на гэты год прапануе нам Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі: “Усе пакліканы да сьвятасьці”. Размова ідзе пра моцны заклік памятаць абяцаньні, якія кожны з нас склаў у момант прыняцьця Сьвятога Хросту, і якія маюць быць праграмай жыцьця кожнага хрысьціяніна. Гэта азначае ісьці шляхам Евангельля, прымаючы верай аб’яўленыя праўды ва ўсёй іхняй поўнасьці, без аніякага абмежаваньня, устрыманьня або стаўленьня ўмоваў.
Хрысьціянін, згодна з уласнай прыродай, пакліканы, каб кожнага дня даваць сьведчаньне надзеі, што выплывае з Евангельля, і любові, што ў натуральны спосаб праяўляецца ў дзейснай веры. Немагчыма, сапраўды, заключаць нейкія кампрамісы або няясныя пакты з Евангельлем. Сьвяты Аўгустын засьцерагаў: “Няхай тваё жыцьцё не прыносіць сьведчаньне, якое супярэчыць тваёй мове” (Sermo 34, 6: CCL 4, 426). Ад усіх патрабуецца “вера, што дзейнічае праз любоў” (Гал 5, 6).
4. Вашая Пілігрымка няхай дапаможа вам адкрыць такую веру; адкрыць каштоўнасьць веры каталіцкай ды багацьце вашага сэрца.
Заахвочваючы вас працягваць ваш шлях веры, надзеі і любові – у поўнай, безумоўнай ды цэласнай вернасьці Евангельлю ды Каталіцкай Царкве,– жадаю вам добрага вяртаньня да вашых дамоў.
Адначасова запэўніваю вас, што Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI ёсьць вам блізкі ў сваёй малітве і сваім блаславеньні для ўсіх вас, для вашых сем’яў і вашых парафіяльных Супольнасьцяў.
У Менску, 11 ліпеня 2007 году Божага, успамін сьв.
роўнаапостальнай Вольгі, княгіні Кіеўскай – паводле календара візантыйска-славянскага,
і сьвята сьв. Бенядыкта, абата, Патрона Еўропы – паводле календара рымскага.
+ Архібіскуп Марцін Відавіч
Апостальскі Нунцый у Беларусі