Рэзідэнцыя полацкіх уладык
Адным з пунктаў, праз якія заўсёды праходзяць удзельнікі Полацкай пілігрымкі, ёсьць Струньне, рэзідэнцыя полацкіх уніяцкіх архібіскупаў.
У Струньні знаходзіўся палац полацкіх архібіскупаў з унутранай капліцай (падобна як у Сафійскім базыльянскім манастыры ў Полацку, бо адзін архітэктар і замоўца). Лёс палацу, як і Крыжаўзвышанскай царквы, трагічны. Пад ціскам царскіх уладаў недзе ў 1833 годзе царква была перададзена праваслаўным, а капліца ў палацы засталася за ўніятамі. Справа аб закрыцьці ўніяцкае капліцы (а дакладней спробе закрыцьця) датуецца 14.03.1834. Капліца ў палацы пэўна функцыянавала да Полацкага сабору 1839 году, потым увесь палацавы комплекс забрала дзяржава і тут была ўтвораная Струнская турма.
За савецкім часам у палацы было сховішча боезапасаў. Царква, паводле сьведчаньняў вяскоўцаў, узарвана ў 1936 годзе, частку цэглы разабралі, а рэшткі ляжалі да Дажынак-2002. Палац узарваны чырвонаармейцамі падчас адыходу з Полацку ў ліпені 1941 году. Ля месца існаваньня палацавага комплексу вернікамі полацкай грэка-каталіцкай парафіі 19.09.1997г. усталяваны памятны крыж.
Міхась Баўтовіч
(Паводле: radzima.org)