Хрысьціянскі форум моладзі ў Кіеве

19 жніўня 2007 году ў Кіеве, у дзень сьвята Перамяненьня Гасподняга паводле старога стылю, шматлюднай архірэйскай Боскай Літургіяй завершыў сваю працу Хрысьціянскі форум і IV сесія Патрыяршага сабору УГКЦ на тэму: “Моладзь у Царкве трэцяга тысячагоддзя”.

10 тысячаў маладых людзей – удзельнікаў форуму – распачалі дзень з сьвяточнай Ютрані, да якіх на Боскай Літургіі далучылася яшчэ некалькі тысячаў вернікаў УГКЦ з парафіяў Кіева і вобласьці. Урачыстую Літургію ўзначальваў Першаярарх УГКЦ кардынал Любамір Гузар, з якім саслужылі адзінаццаць біскупаў і каля сотні сьвятароў.

У сваім казаньні Ўладыка Гузар заахвочваў моладзь тварыць добрыя справы, бо, паводле словаў украінскага першаярарха, яны ёсьць тым крытэрам, паводле якога Госпад будзе ацэньваць нашае жыцьцё. “Важнае ня тое, кім мы ёсьць – біскупамі, сьвятарамі, манахамі ці сьвецкімі, а тое, колькі дабра мы зрабілі для нашых бліжніх”,– падкрэсьліў Зьверхнік УГКЦ. Яго Блаславенства кардынал Гузар шчыра падзякаваў украінскай моладзі, што сабралася на хрысьціянскі форум на берагах Дняпра, за іх актыўнасьць і клопат пра будучыню Царквы.

Хрысьціянскі форум у Кіеве стаў сьвятам веры, падзеяй, якая прадэманстравала, што малады чалавек, які верыць у Бога, сапраўды зьяўляецца зарукаю лепшае будучыні Царквы і дзяржавы.

Форум меў экуменічны характар, у ім бралі ўдзел таксама і групы праваслаўнай моладзі, аднак афіцыйнай групы УПЦ Маскоўскага Патрыярхату не было.

Связаться с нами
Издатель: Греко-католическая парафия святых братьев-апостолов Петра и Андрея в г. Берасьци
Адрес редакции: вул.Чубара 63 +226604 г. Брест Беларусь Тел. / факс: (016) 54-16-59